Тыдзень педагагічнага майстэрства настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

З 2 па 7 сакавіка ў дзяржаўнай установе адукацыі “Барсукоўская сярэдняя школа” праходзіў Тыдзень педагагічнага майстэрства настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Мерапрыемствы былі накіраваны на павышэнне прэстыжу роднай мовы, паглыбленне ведаў вучняў, развіццё іх творчых здольнасцей і выхаванне патрыятызму.

«Гучы, наша родная мова!” – такі быў яго дэвіз.

У першы дзень адбылося адкрыццё Тыдня. Быў дадзены старт акцыі «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску», вучнёўскай прэс-службай праведзена бліц-апытанне “Ваша любімае слова па-беларуску?”.

Вучні 9 класа сталі ўдзельнікамі ток-шоу “Свая гульня” “Роднае слова – моўная квецень”. Рабяты перакладалі словы з рускай мовы, “пазнавалі” па гучанню і фотаздымках назвы беларускіх нацыянальных інструментаў, працягвалі фразеалагізмы, падбіралі беларускія адпаведнікі да выразаў на рускай мове… адным словам, дэманстравалі свае веды ў галіне беларускай мовы і літаратуры.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы, развіцця моўнай культуры вучняў, умення працаваць у камандзе і ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры з вучнямі 5 класа праведзена свая гульня “Моўны калейдаскоп”.

А яшчэ рабят і настаўнікаў чакала свята беларускай кухні “Роднае сваё самае смачнае”, дзе можна было пазнаёміцца з адметнымі стравамі беларускай кухні, працавала інтэрактыўная зона “Беларускі перапынак. Спрабуем перакласці”. Перакладалі і вучні, і настаўнікі, некаторыя словы, на жаль, аказаліся “моцным арэшкам”.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры дасягнуў сваіх асноўных мэт. Ён стаў яркай і запамінальнай падзеяй у школьным жыцці, спрыяў фарміраванню станоўчага стаўлення да роднай мовы. Тыдзень паказаў, што беларуская мова — гэта не толькі правілы і дыктанты, але і жывая, эмацыйна багатая прастора для творчасці і самавыяўлення.